АРЫ́ДНЫ РЭЛЬЕ́Ф,

тып рэльефу пустыняў, паўпустыняў, сухіх стэпаў. Фарміруецца пад уплывам арыднага клімату, дзейнасці ветру (дэфляцыя, эолавая акумуляцыя), пустыннага выветрывання, эрозіі часовых вадацёкаў. Для ўзвышаных плато, перадгор’яў характэрны формы арыднай дэнудацыі і эрозіі (педыменты, бедленды і інш.), для нізін і раўнін — розныя тыпы камяністых і пясчаных пустыняў з эолавымі формамі рэльефу (барханы, градавыя пяскі і інш.), засоленымі азёрнымі ўпадзінамі, такырамі.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)